«І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскага ўзора,
Цвяток радзімы васілька.»

Maksim Bagdanovich   Багдановіч Максім Адамавіч (1891-1917) — беларускі паэт, класік беларускай літаратуры, перакладчык, літаратуразнаўца, празаік, крытык і гісторык літаратуры.
   Нарадзіўся 9 снежня 1891 года ў горадзе Мінску ў сям'і педагогаў. Высокая адукаванасць бацькоў, прага да ведаў спрыялі ўсебаковаму развіццю Максіма. Ранняе дзяцінства паэта прайшло ў Гродне, куды пераехала сям'я Багдановіча хутка пасля яго нараджэння. Але неўзабаве памірае маці паэта. У 1896 годзе сям'я пераязджае ў Ніжні Ноўгарад, дзе частым госцем і сябрам быў Максім Горкі. Гадаваць дзяцей дапамагала бацькава сястра Марыя Ягораўна.
  Сям'я
  У сям'і Багдановічаў была вялікая бібліятэка, захоўваліся і шанаваліся звычаі беларусаў. Інтарэс да сваёй радзімы, да яе гісторыі, мовы, побыту беларускага народа ў Максіма прачнуліся рана. Ён марыў аб далёкай Беларусі з ранняга дзяцінства. У 1902 годзе паступае ў першы клас Ніжнегародскай мужчынскай гімназіі. У гэты час ён піша свае першыя вершы на беларускай мове.
  Сябры
  У 1907 годзе бацька пераязджае па службе ў Яраслаўль. Там будучы паэт заканчвае гімназію і едзе ў Вільню, пасля два месяца жыў у фальварку Ракуцёўшчына, што недалёка ад Маладзечна. Вясковае жыццё абагаціла паэта шматлікімі назіраннямі, цікавымі сустрэчамі з простымі людзьмі. Пасля наведвання Беларусі Максім Багдановіч плённа займаецца беларусазнаўствам, вывучае рускую і замежную літаратуру. За гэты час ён заканчвае Яраслаўскі Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй, шмат піша.
  Пасля заканчэння ліцея (1916) вярнуўся ў горад свайго нараджэння – Мінск, каб непасрэдна далучыцца да беларускага грамадскага і культурнага жыцця. Жыў у адным з пакояў кватэры, якую здымаў Змітрок Бядуля, працаваў у мінскім харчовым камітэце. Быў пастаянным наведвальнікам клуба беларускай інтэлігенцыі «Беларуская хатка», удзельнічаў у працы мінскага аддзела Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны.
  У лютым 1917 года цяжка хворы Максім Багдановіч выехаў на лячэнне ў Ялту, дзе і памёр 25 мая 1917 года.
  Творчая біяграфія
  У 10-11 гадоў пачаў пісаць вершы па-беларуску. Пачаткам літаратурнай дзейнасці лічыцца 1917 год, калі ў газеце «Наша Ніва» выходзіць першае алегарычнае апавяданне Максіма Багдановіча «Музыка». У 1909 годзе ўбачылі свет вершы паэта «Над возерам», «Вадзянік», «Перад паводкай» і іншыя. Пазней яны склалі цыкл вершаў «У зачараваным царстве» па матывах міфалогіі старажытных беларусаў.
  Пад час знаходжання ў фальварку Ракуцёўшчына нарадзіўся цыкл яго вершаў «Старая Беларусь», у які ўвайшлі славутыя яго вершы «Слуцкія ткачыхі», «Летапісец».
  Пры жыцці выйшаў толькі адзін зборнік яго вершаў «Вянок» (1913, у друкарні Марціна Кухты), які стаў унікальнай з'явай ў беларускай літаратуры. Асноўная тэма зборніка — тэма Радзімы. Тут адлюстраваны асноўныя прыярытэтныя кірункі яго паэзіі: фальклорныя традыцыі, развіццё гістарычнай тэматыкі, творчае асваенне сусветнай мастацкай спадчыны. Але на першы план у творчасці Максіма Багдановіча вылучаецца тэма роднага краю, паднявольнага жыцця працавітага народа, вобраз селяніна-працаўніка.
  Максім Багдановіч — адзін з заснавальнікаў беларускай пейзажнай і інтымнай любоўнай лірыкі: «Па-над белым пухам вішняў», «Трыялент», «Раманс» і інш.
  Глыбокі след у душы і творчасці паэта пакінула Ганна Кукуева, сястра гімназічных сяброў паэта. Шчымлівыя адносіны да яе адлюстраваны ў такіх творах, як «Вераніка», «Больш за ўсё на свеце жадаю я...» і інш.
  У 1914-1916 гг. працягвае актыўна займацца паэтычнай творчасцю, напісаннем артыкулаў, перакладамі. Аўтар паэм «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык» (1914), «Максім і Магдалена» (1915), «Страцім-лебедзь» (1916). Выданы брашуры М. Багдановіча: «Братья — чехи», «Угорская Русь», «Галицкая Русь».
  Максім Багдановіч удасканаліў беларускае вершаскладанне, увёў упершыню нерыфмаваны верш. Паказаў, што на беларускай мове можна пісаць самыя складаныя формы вершаў: санеты, трыяленты, рандо, быў першым перакладчыкам на беларускую мову антычных паэтаў, Пушкіна, Шаўчэнкі, паклаў пачатак беларускай прафесійнай крытыцы. Многія творы паэта пакладзены на музыку кампазітарамі, некаторыя вершы сталі народнымі песнямі («Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»).

   Слухаць песні онлайн
Зорка Венера – Анатоль Ярмоленка i ансамбль «Сябры»
Слуцкiя ткачыхi – В.Дайнеко, ВИА «Песняры» и «Белорусские Песняры»

https://knihi.com/Maksim_Bahdanovic/
http://bellitmuseum.by/litaraturnyi-muzey-maksima-bagdanovicha/
https://bagdanovichmuseum.by/