Ліда

lida 2   У адной нёвялічкай вёсачцы, што тулілася на беразе безыменнай рэчкі, сярод густога-густога лесу, жыла ў даўнія часы сівая бабулька. Яе дзеці разляцеліся па свеце, муж памёр, перажыла яна і сваіх сябровак, таму ў госці совалася да маладзейшых, а тыя добра разумелі настрой самотнай бабулькі і ніколі не гналі прэч.

   Затое зімой ды позняй восенню ў яе хаціне хлопцы ды дзяўчаты наладжвалі вячоркі.

   Сярод моладзі вылучалася Лідзея. Яе бацькі памерлі, узгадавалася бедалага ў дзеда з бабкай, ды і тыя пакінулі свет гэты. Таму гаспадыня надта добра да яе ставілася і неаднойчы прапаноўвала заставацца пасля вячорак у яе.

   I тут размовы вяліся да світанку. Гаспадыня найбольш распавядала пра колішняе жыццё, а Лідзея слухала. Праўда, апошнім часам яна нешта нервавала. Бабуля не дапытвалася, чакала, пакуль тая сама пра ўсё раскажа. Так яно і здарылася.

  Пасля чарговых вячорак дзяўчына засталася ў бабулькі, моўчкі зачыніла дзверы, задзьмула лучынку і палезла да гаспадыні на печ. Але на гэты раз не стала нецярпліва прасіць расказаць што-небудзь цікавае, а прыхілілася да старой плячыма і заплакала. Ды так горка, так жаласліва, што бабулька ажно спалохалася:

   - Што гэта з табой, унучанька ты мая? Скажы, хто цябе гэтак пакрыўдзіў?

   - Ніхто мяне не пакрыўдзіў, - адказала тая, а сама яшчэ мацней плакаць стала.

   - Нешта ж здарылася. Распавядзі мне, можа, я чым і дапамагу.

   - Ды мне сорамна, бабулька.

   -Ты ўжо і мяне саромецца пачала? Расказвай, не цягні час, то да раніцы што-небудзь і прыдумаем.

   - Толькі вы не смейцеся, добра?

   - Абяцаю. Калі хочаш, то і перажагнаюся.

   - Мне крыўдна, што ніводзін хлопец на мяне не звяртае ўвагі, ніводзін дамоў не правёў. Што гэта? Ці мне проста ў жыцці не шанцуе, ці лёс такі, ці яны маёй беднаты палохаюцца?

   - Не перажывай, унучка, не перажывай, міленькая, твой час яшчэ наперадзе. Каханне не выбірае, багаты ты ці бедны. Проста настане той момант - і ўсё, нібы табе сілай нешта ў сэрца ўвальюць.

   - I ў вас так было? - ціхенька запыталася дзяўчына.

   - I ў мяне, і ва ўсіх людзей. I ў цябе ўсё складзецца добра. Праз пару вечароў і ў цябе хлопец з'явіцца, і для цябе ён будзе прыгажэйшы за астатніх. Каханне слепіць. А зараз спі, набірайся сілы.

   I што вы думаеце? Спраўдзіліся словы бабулькі - у Лідзеі з'явіўся хлопец. А атрымалася вось як.

   Сабраліся дзяўчаты з хлопцамі, як і раней, на вечарынку. Паселі, песні заспявалі, і тут да Лідзеі падсеў прыгажун, якога ўсе дзяўчаты позіркамі заўсёды праводзілі.

   Пачаў гаманіць, а тая ад радасці і гаварыць не ведала што. Потым асмялела і стала таксама жартаваць. Андрэй - так звалі хлопца - і дамоў яе правёў. Толькі не ўспалася Лідзея адна, прыбегла да бабулькі, ускочыла на печ і давай гаварыць:

   - Бабулечка, родненькая, адкуль ты ўсё ведала? Ён такі прыгожы, такі моцны, такі разумны - разумнейшага за яго на свеце белым не знойдзеш...

   - Вось бачыш, адзін раз ты з ім пагаманіла, а ўжо колькі добрага пра хлопца кажаш. А што скажаш праз год ці паўтара? Беражы, унучка, сваё шчасце, бо ўсё можна купіць, а шчасця ды здароўя - не.

   - Цікава, хто ён такі, адкуль родам. Нашы кажуць, Што не тутэйшы.

   - Можа, ты так ужо і не спяшайся. Прыгледзіцца да цябе - сам усё і раскажа.

   - Але ж мне карціць хутчэй даведацца...

   - То вазьмі ды прасачы за ім. Куды ён пойдзе - туды і ты ідзі, толькі глядзі, каб нё заўважыў.

   - Я паспрабавала было сёння, але ён нібы пад зямлю праваліўся.

   - Тут я табе, унучка, дапамагу. Прывяжы кончык ад гэтага клубочка чорных нітак да кажушка свайго хлопца. Ён пойдзе пасля вячорак дамоў, а ты раніцай па нітачцы і дабяжыш туды...

   Ледзьве дачакалася дзяўчына хлапчыну ў той дзень, усе вочы прагледзела. Нарэшце ўбачыла - цісне ён напрасткі, тады і яна на падворак выбегла, нібыта па нейкай патрэбе. Сталі размаўляць, а потым Лідзея запрасіла яго зайсці ў хату, і той з радасцю пагадзіўся. Пачала яна распытваць хлапчыну, адкуль ён родам, хто яго бацькі, але ўбачыла, што ён не хоча шчыра адказваць, усё круціць.

   - Што гэта ты сёння такі сумны?

   - Ды настрой нешта сапсаваўся...

   - Ад чаго?..

   - Калі шчыра, то і сам не ведаю.

   Так гаманілі маладыя, не заўважаючы, што вечар ужо даўным-даўно гаспадарыў на вуліцы. Потым хлопец схамянуўся і пачаў дамоў збірацца.

   - Можа б яшчэ крышачку пасядзеў, - прапанавала Лідзея, а то мне адной сумна.

   - Не магу, трэба дамоў вяртацца. Пакуль дайду - ноч ужо будзе. Я лепей заўтра да вас на вячоркі прыйду.

   - Прыходзь, буду чакаць, - нібыта сумуючы, адказала дзяўчына, а сама непрыкметна прывязала канец ніткі ад клубочка за кажушок...

   Гопнулі глуха дзверы, і хлапчына пайшоў. Дзяўчына засталася дома, і нечага страшна ёй зрабілася, нешта на душы не тое стала. Залезла яна на палок, а ад страху зубы ляскочуць. Тады запаліла агеньчык на прыпеку, ён яе супакоіў. Заснула. Прачнулася позна, калі на двары ўжо было відно. Выскачыла за парог, а слядоў нябачна - снегу наваліла. Тады згадала Лідзея пра нітачку. Глянула ля вядра з вадой, дзе клубочак той паклала, а там саменькі кончык застаўся, яшчэ б нейкі сажань - і адцягнуў бы яго хлопец за сабой.

   Ледзьве дачакалася дзяўчына змяркання, узяла за нітачку, паціху яе са снегу выцягнула і пайшла. Спачатку хлапчына кіраваў на суседнюю вёсачку, якая таксама ў лесе знаходзілася, але праз колькі крокаў нітачка пацягнула зусім у адваротны бок, туды, дзе раскінулася гнілое балота, а на выспе, не даходзячы блізка да яго, ляжалі вясковыя могілкі. Тут ужо было не да жартаў. Лідзея спынілася. Не было з кім параіцца. Пакруцілася на месцы і вырашыла сачыць далей.

   Тым часам змрок запанаваў над абшарамі. Лідзея ішла, трымаючыся за нітачку, нібы за кій, якім можна было і абараніцца ў выпадку чаго. Дзяўчына ляскала зубамі са страху, але ўпарта сунулася наперад.

Нечакана з цемры паўсталі вялікі крыж, а за ім драўляная каплічка, якую звычайна ўзводзяць на могілках сяляне, каб там пазваніць у звон, калі нябожчыка хаваюць, ці яшчэ якую нагоду справіць. Лідзея супынілася і торгнула за нітку. Тая нацягнулася, нібы струна. Андрэй недзе зусім блізка. Шуснула яна за елачку і не дыхае. А вецер свішча, мароз мацнее, крумкачы не спяць, голас свой жахлівы падаюць і, здаецда, падказваюць нячысцікам, дзе схавалася Лідзея. Тым часам рыпнулі дзверы каплічкі, і на парозе з'явіўся невыразны цень. Пастаяў хвіліну-другую і зрабіў крок наперад. Калі ён параўнаўся з дзяўчынай, тая ледзьве не закрычала - гэта быў не хто іншы як Андрэй!

   Дачакалася бедалага, пакуль ён далей адыдзецца, і зазірнула.ў сярэдзіну будыніны. У каплічцы цёмна, хоць ты вока выкалі. Пачала рукамі шукаць вугельчык каб яго раздзьмуць і агеньчык зацепліць. Калі святло выхапіла з цемры сцены і куты невялічкай будыніны, то дзяўчыне ажно галаву закружыла - з усіх бакоў на яе пазіралі, страшна ашчэрыўшыся, чарапы. Іх было многа, можа, пяць дзесяткаў, а можа, і сотня. Як ламанула Лідзея адтуль бегчы, то толькі вецер у вушах засвістаў! Куды і стома тая падзелася. Але, праляцеўшы, можа, з вярсту, апамяталася: ён жа зараз агледзіцца, што яе на вечарынцы няма, і падасца ці шукаць, ці дамоў. I вяртацца будзе па гэтай дарозе... Толькі яна збочыла крыху і сцішыла свой бег, як зусім недалёка ўбачыла Андрэя, які крочыў да сваёй каплічкі.

   Прыбегла Лідзея не дамоў, а да бабульчынай хаціны і давай у акенца стукаць:

   - Бабулька, родненькая, адчыні! Адчыні хутчэй, бо баюся, што ён мяне дагоніць!

   - Што з табой, унучка? - адчыніўшы, спыталася гаспадыня.

   Распавяла тая, дзе была, што бачыла. Спахмурнела старая:

   - Чула я некалі такую ж гісторыю. Яе мне матуля-нябожчыца расказвала. Пра адну дзяўчыну, якая на ўласнай шкуры зведала сувязь з нячыстай сілай. Дрэнна для яе ўсё скончылася, ой як дрэнна...

   - А што здарылася?

   - Безумоўна, хлопец гэты ніякі не хлопец, а пераўвасоблены нячысцік. Лазіць ён за табой ды спрабуе сваімі чарамі на цябе ўздзейнічаць, каб потым што благое зрабіць. Сцеражыся.

   - Але ж ён цяпер ад мяне не адчэпіцца. Ведае, дзе я жыву, ведае, што ён мне падабаецца. Як жа ад нячысціка ўратавацца?

   - Можна ўратавацца. Пажывеш у мяне першы час, бо дома ён цябе вельмі хутка знойдзе, і тады ўжо ніхто не дапаможа. А ў мяне ёсць стары знаёмы, ён і раней часам дапамагаў, асабліва ў безвыходных сітуацыях. Раніцай схаджу да яго, папрашу заступніцтва - не павінен адмовіць. А зараз залазь на печ ды паспі. Не бойся. Я ў хаце, таму ніякі чорт сюды не палезе.

   Гаспадыня як сказала - так і зрабіла. 3 самае раніцы пайшла да таго чалавека і распавяла пра ўсё, што адбывалася апошнім часам з Лідзеяй. Той уважліва выслухаў, а потым, хітравата прыжмурыўшы вока, звярнуўся да бабулькі:

   - Хіба ты не памятаеш, як у наш час з нячысцікам распраўляліся?

   - Што ты, чалавеча, адкуль я магла ведаць?

   - Тады слухай і ўсё зрабі так, як я табе скажу, бо калі нешта перайначыш - быць бядзе, і абрынецца яна на таго, хто пойдзе нячысціка са свету зжываць. Дам я табе пару карэнняў вялікіх, пару голек кусцікаў, якія толькі я ведаю, ды ўсялякіх зёлак. Звары ўсё гэта на малым агні ў трох водах. Потым злі вар у пасудзіны, астудзі і перамяшай. 3 сабой неабавязкова ўсё несці, дастаткова і невялічкай пасудзіны. Дачакайся, калі заспявае трэці певень, і ў той самы момант пакрапі жытло нячысціка. Неабавязкова, каб ён сам там знаходзіўся. Гэтыя траўкі на іх моцна дзейнічаюць. Калі чорт закране рукой акроплены вадой прадмет, то павітаецца з уласнай смерцю, тут яму і ўсё. Толькі памятай: ні ў якім разе нельга спачуваць нячысціку, бо канаць ён будзе ў чалавечым абліччы. Нельга рэагаваць на ягоныя крыкі ды стогны, плач ды слёзы, бо калі ў душы з'явіцца жаль да яго, то гэтая вадзіца пачне дзейнічаць і на цябе. А назад ён са сваіх лап нікога ніколі не выпускае. I яшчэ: нельга палохацца.

   Падзякавала бабулька свайму сябруку і пакіравала дамоў, каб належным чынам падрыхтавацца да расправы з нячысцікам.

   - Вылазь, унучка, знайшла я ўправу на твайго кавалера-нячысціка, - з парога гукнула яна Лідзеі, - зараз мне дапамагаць будзеш, а я раскажу, як усё зрабіць. Запамінай добра, каб не пераблытала, бо мяне ж побач не будзе...

   Доўга варылі дзівосны ўзвар старая і маладая, шаптала бабуля парады, а Лідзея ўважліва слухала.

   Вырашылі, што сама лепш ад нячысціка пазбавіцца падчас чарговай вечарынкі. Ён жа абавязкова пойдзе шукаць Лідзею, а тая дачакаецца зручнага моманту непадалёку ад каплічкі і зробіць усё як мае быць.

   Вось надышоў той дзень, і Лідзея пайшла да патаемнага месца, адкуль прыходзіў да яе Андрэй-нячысцік. Засела непадалёку і стала цярпліва чакаць. Нарэшце Андрэй выйшаў з каплічкі, але, пастаяўшы крыху на парозе, вярнуўся назад. Дзяўчына ледзьве не закрычала з адчаю. Што ёй, бедалазе, рабіць, калі нячысцік не пойдзе ў вёску? Ды Андрэй, нібы пачуўшы маленні Лідзеі, зноў выйшаў і паціху падаўся да вёскі. Дзяўчына нейкі час чакала, а потым уляцела ў каплічку і давай ва ўсе бакі сваім чароўным узварам пырскаць, а напаследак яшчэ і дзверы добра змачыла, нават клямку і тую не забылася. Усё, здавалася б, правільна зрабіла, але не пабегла дамоў, як яе вучыла бабулька, а вырашыла паглядзець на ўласныя вочы, хто ж гэта да яе хадзіў і які ён на самай справе. Доўга сядзела, закалела ўся, але дачакалася, калі гаспадар каплічкі дамоў вярнуўся. Ішоў ён невясёлы, але спяшаўся, бо крык пеўня для яго быў, што смерць. Ухапіўся за клямку і адразу ж закрычаў:

   - А-а-а! Высачыла! Да смерці мяне давяла! - і тут у таго, хто зваўся Андрэем, вопратка з плеч ападала і валасістая шкура праглянула. Спалохалася Лідзея і кінулася бегчы. Ды пераблытала і пабегла не ў бок вёскі, а ў супрацьлеглы, а галоўнае - азірнулася. А гэтага ж нельга было рабіць! Не паспела яна пад ногі глянуць і шуснула ў палонку, якую ці то рыбакі прабілі, ці то не замярзала там вада ўвогуле. Нават крыкнуць не паспела, захлынулася адразу.

   Доўга чакала дзяўчыну бабуля, а потым папрасіла хлапцоў ды мужчын пашукаць яе. Тыя ўсё навокал аблазілі і знайшлі тую палонку. Вада ў ёй была стаячая і чырвоная. Калі вясной лёд узламаўся і пабеглі раўчукі, то і рэчка тая абудзілася, але цяпер яе людзі звалі... Лідзеяй. Так яна і засталася ў памяці. Праўда, некаторыя клікалі больш ласкава - Лідзейка, таму і паселішча на высокім беразе назвалі Ліда. Але тут ужо невядома дакладна, ці то ад той невялічкай рэчкі, дзе дзяўчына смерць знайшла, ці то ад дзявочага імя.

 

Гродзеншчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў (Склад., запіс., апрац. А.М.Ненадаўца).
- Мн.: Беларусь, 1999.


 

Joomla CMS