Як людзі замак будавалі |
Загадаў Князь замак будаваць, каб было дзе бараніцца, бо злы час быў. Альбо крыжакі з поўначы, альбо крымчакі з поўдня, альбо маскалі надыйдуць з ўсходу, а на захадзе - вочы галодныя ляхаў, братоў нашых заклятых. Пазбіралісь людзі, і вырашылі, выхваляясь, асобнымі талакамі - грамадамі будаваць. Сяляне - асобна, паны – асобна, папы з ксяндзамі, клірыкамі - асобна. Папы да ксяндзы выхвалялісь - мы да Бога бліжэйшыя, Бог іх паслухае, як памоляцца - будзе заслона, якой і не бачылі, а наогул - яны - першыя, без іх - нічога. Пачалі прасіць Бога, модлы складаючы. "Дай, Госпадзе, дай, зрабі..!!!..." Кленчаць, енчаць - а нічога не робіцца, яны яшчэ грамчэй, ужо павалілісь ад стомы асобныя - нічога не робіцца. I тут... Як лясне пярун з неба, і чуюць яны: "Кажа Б..г, каб ты памог!!!!". Усе аж на дупы свае шырачэзныя, тлустыя, і пападалі, зяпы параззявалі.... Але ж, супраць слова Б..га, нічога не зробіш, пайшлі пуза трэсьці, каменні да будоўлі несьці. А паны, ў аксаміце, з мячамі, тай самапаламі, пазбіраліся, выхваляючысь: "Куды чорнай костке да паноў, мы ўсе асілкі-волаты, нацягнем самых вялікіх камянеў, збудуем гмах, ворагі ад жаха нават і не падыйдуць. Знайшлі вялічэзны камень, што зіма пакінула у нашым краі (ці то асілкі калісьці ў неба кідалі). I вырашылі яго цягнуць. За гэта і выпілі, пасля пабіліся, каму загады аддаваць, кіраваць усімі, але ж ўсе на камень узбеглі з шабляю ў руцэ - кіраваць, а цягнуць - няма нікога! Як пабіліся, пасля мір складалі, за гэта і выпілі, і зноў пабіліся, пасля тэстамент склалі аб замірэнні, гэта і адзначылі, колькі ўсе цягнулась – невядома, але ж, і пітво і ежа ў іх скончылась. Вырашылі разыйціся, назапасіць ўсяго і вяртацца, бо яны, паньства, разам сіла і моц, кроў старажытная і косткі асабістыя. Разыйшліся, знайшлі, дзе яшчэ быдла ды збажэння няз'едзенна, нарабавалі, мячамі махаючы на усіх... I засталісь, кожны ў асобным месцы, бо з другімі панамі падзяліцца - абраза гонару, дый - шкада. А камень той і застаўся, вялікі такі, з гумно памерамі, побач з Віленскім шляхам. А людзі звычайныя: сяляне, майстры цягнуць... хто камень з галаву - сам двое, хто на колах - з кабана галаву камень вязе, а хто кіямі штурхае -памерамі з чалавека. Бабы яйкі прынясуць, майстрам ў пачастунак і ў вапну, каб мацней была. Сабе жа будуюць. Усе працуюць. Жанчыны ежу гатуюць, малыя жвір сеюць, гліну месяць, так грамадой, з клірыкамі і збудавалі. А тут Князь з выправы вяртаецца.паглядзеў, як людзі з святарамі заслону сабе збудавалі, запытаў – "А дзе паны?", спахмурнеў, адказ атрымаўшы - няма іх... I загадаў прывілей выдаць. У гародне царкву збудаваць, людзям ў час набега за агароджай хавацца, а панам, якія не працавалі, бараніць ўсіх, бо ўзялі зброю ў рукі. А каторыя бараніць ня будзе ў твердзь не нагой. Вось так і сталася, паны павінны людзей і Царкву бараніць, а калі яны (паны) гэтага не робяць - ў шыю, прэч іх.
Захаваны аўтарскі тэкст. Шаўчэнка, М.Б. "Пляснуўся з неба Цмок..." - Онікс, 2010. |