Тахтамышаў скарб

Tahtamyshau skarb   Дакладна вядома, што з 1396 па 1399 год жыў у Лідзе татарскі хан Тахтамыш. “Тахтамышаў двор” знаходзіўся на беразе Лідзейкі, там, дзе цяпер аўтастаянка за гасцініцай “Ліда”. Аб яго прыбыванні ў нашым горадзе захавалася наступнае паданне.
   Тахтамыш, якога перамог Цімур, знайшоў прытулак у Вялікім княстве Літоўскім. Разам са сваёй вялікай світай і з мноствам багаццяў, хан пасяліўся ў Лідзе. Кажуць, што сюды ён прывёз толькі золата - 30 падвод. Захоўваць такое багацце на падводах ці ў юрце было небяспечна, таму Тахтамыш загадаў свайму даверанаму чалавеку закапаць золата ў зямлю дзе-небудзь ў надзейным месцы.
   У 1399 годзе князь Вітаўт на чале 70-тысячнага войска і татарскія войскі пад камандаваннем хана Тахтамыша пацярпелі паражэнне на рацэ Ворскле. Тахтамыш, чуючы няладнае, першы ўцёк з поля бою.
   А дзе ж той давераны чалавек, які закапаў ханскія багацці ў лідскай зямельцы? Ён злажыў сваю галаву на беразе Ворсклы.
   Дзе ж цяпер шукаць Тахтамышу свой скарб? Слядоў не засталося. Так з тых самых часоў і ляжыць золата дзесьці на Лідскай зямлі.

 

Запісалі ад Каладзяжнай Анастасіі Аляксандраўны, супрацоўніцы гісторыка-мастацкага музея


 

Joomla CMS