На паўночнай ускраіне Віленскай вуліцы (цяпер вуліца Савецкая), прыкладна там, дзе сёння раскінуўся завод “Лідсельмаш”, знаходзілася карчма нейкага Айзіка Закса. Пастаянныя наведвальнікі празвалі гэтую карчму “Закасанкай”. А калі пабудовы пашырыліся далей за чыгунку, створаную цэлую дзяльніцу таксама сталі называць “Закасанкай”. Старажылы расказвалі амаль анекдатычную гісторыю, якая адбывалася ў карчме. Паклоннікі Бахуса прыходзілі ў карчму, сядалі за стол, налівалі кожны сабе па чарцы і чакалі, на чыю чарку сядзе першай муха. Гаспадар чаркі пасля гэтага выпіваў усе астатнія дарма, і ўсё паўтаралася спачатку. Таму і гульню сталі называць “мушкай”. Ёсць і іншая версія паходжання назвы “Закасанка”. Быццам тут пасля дажджоў, вясной і восенню, было вельмі гразка. Навокал стаялі лужыны, і прайсці праз іх у абутку, ды не закасаўшы порткі, было немагчыма. Быццам адсюль і назва такая, “Закасанка”.
Кулеш, А. Горад Ліда: гістарычныя крокі развіцця // Гродзенская праўда. 2000. - 24 кастрычніка.
|