Слабасці зарачанцаў

   Сучасная вуліца Калініна і прылеглыя да яе вуліцы і завулкі называліся калісьці Зарэччам. Самае цікавае тое, што зарачанцы трох пакаленняў мелі славу забіяк і авантурыстаў. Якія падзеі адбываліся ў свеце, іх не цікавіла. Ім здавалася, што на Зарэччы лепш за ўсё, яны па-свойму, адчувалі сябе шчаслівымі. I вось па якой прычыне. На горачцы пры дарозе стаяла зарачанская карчма. У ёй заўсёды было шматлюдна і весела. У свята збіраліся сяляне з навакольных вёсак, па нядзелях заязджалі пасля касцёла больш далёкія вяскоўцы. Карчмар Арон прымаў усё: грошы, збожжа, палатно, хто што даваў. А два сыны Арона, не шкадуючы сіл, ладзілі танцы. Адзін граў на скрыпцы, другі — на цымбалах, часцяком запрашалі баяніста, і атрымоўвалася весела. Ног утрымаць было немагчыма. Змей п’янства трымаў у Зарэччы ў абдымках усіх, нават жанчын. 3 меркай збожжа на плячах або кавалкам палатна пад фартухом, па вечарах краліся яны за кустамі цераз луг у карчму. Так балявалі б доўга яшчэ, але зарачанскую карчму спаліў адзін з сялян, прыраўнаваўшы жонку.

 

Мацеша, В.Забытыя згалоскі гарадскога радаводу // Лідская газета. – 2005. - 13 верасня.


 

Joomla CMS