Беліца

Belitsa   Вельмі даўно жыў у нашым краі багаты пан, і была ў яго дачка-прыгажуня Белітэ. Калі яна вырасла, бацька пачаў шукаць для яе багатага і знатнага жаніха. Але Белітэ пакахала мясцовага юнака, каваля Златарэчку. Каханне было такім чыстым і моцным, што, здавалася, нішто не зможа іх разлучыць. Пан, нарэшце, знайшоў для дачкі жаніха, было прызначана вяселле. Як ні ўпрошвала Белітэ бацьку не разлучаць яе з мілым, ён быў няўмольным. У дзень вяселля з роспачы Белітэ рашыла лепш памерці, чым выйсці замуж за нялюбага. Яна прыбегла на бераг Нёмана і кінулася ў яго хвалі. Калі слугі, пасланыя панам у пагоню, прыбеглі да ракі, то ўбачылі кругі над цёмнай вадой і хусцінку Белітэ. Раптам сцямнела, пачалася вялікая бура. Неба прарэзалі маланкі і паліў лівень, які не пераставаў ісці тры дні і тры ночы: так прырода аплаквала гэтае трагічнае каханне.

   Пачуўшы пра смерць Белітэ, 3латарэчка, як звар’яцелы, з ранку да вечара, з году ў год, да самае смерці хадзіў па беразе Нёмана і клікаў сваю каханую: “Белітэ..., Белітэ..., Белітэ...”. 3 цягам часу людзі пачалі называць і паселішча - Беліца.


Запісалі падчас экскурсіі ў краязнаўчым музеі Беліцкай сярэдняй школы


 

Joomla CMS