На тым месцы, дзе зараз знаходзіцца вёска Дворышча (а як паказвае карта Лідскага павета ў канцы XVI стагоддзя, яна ўжо і тады стаяла), на рацэ Жыжма пабудаваў сабе добры дом панскі любімец і рыбак, які свайму гаспадару пастаўляў свежую, сушаную і вэнджаную рыбу. Было такое правіла, што па суботах ён павінен быў асабіста пастаўляць яму найлепшую рыбу - стронгу. Перад гэтым днём слуга пана займаўся сваім промыслам, не ўбярогся, зранку адчуў сваю немач, а сям'я яго была вялікая - шэсць сыноў і чатыры дачкі. Засмуцілася жонка і нашчадкі, а тутака яшчэ непагадзь - навальніца з маланкамі-бліскавіцамі. Але панскі загад трэба было выконваць, узяў яго ўлоў здатнейшы на гэтае рамяство сын Міхал. Агледзеў гаспадар рыбную здабычу, спадабаўся яму хлопец, ды і вырашыў пакінуць яго ля сябе. Хоць і рвалася сэрца юнака дамоў, але вымушаны быў падпарадкавацца пану.
Прыйшла новая субота, за ёй нядзеля, а ад рыбака ні ўлову, ні аніякіх звестак. Адчуў нешта нядобрае пан, загадаў прывесці яму каня і сядлавацца таксама ўпраўляючаму і Міхалу, і паімчаліся яны да ракі Жыжма. Пры пад'ездзе іх чамусьці ніхто не сустракаў, не было чуваць ні брэху сабакі, ні гукаў пеўня ды і дымок не віўся з коміна хаты, I пан, і ўпраўляючы, а яшчэ больш Міхал адчулі ў сабе трывогу-бяду. Так, на месцы пабудоў было вялікае папялішча...
Зжаліўся гаспадар над сынам свайго любімага і ўвішнага рыбака, даў дазвол на будаўніцтва на папялішчы-дворышчы новага дома. Сам выбраў яму працавітую і прыгожую дзяўчыну Ганну, ажаніў іх і нарадзілася ў Міхалавай сям'і 14 дзетак, праўда, двое пры родах памерлі. Але астатнія ўсе былі ладныя, дужыя і працавітыя. Пачалі яны жаніцца і выходзіць замуж, хутка паселішча стала вялікім. А назву свайго папялішча-дворышча захавалі, так з таго часу і завецца яно Дворышчам. Гэтак яно ці не? Так расказвалі людзі.
Маліноўскі, М. На папялішчы ... узнікла Дворышча? // Лідская газета. – 1998. - 5 верасня.
|