Даўным-даўно была тут недзе, зусім недалёка, крыніца. Людзі пілі з яе ваду летам і зімой, бо яна не замярзала, і здзіўляліся, якая яна халодная ды сцюдзёная, якая чысцюткая - нібы дзіцячая сляза, як яна сілы аднаўляла. Таму да гэтай крыніцы падчас сенакосу ці сенажаці людзі спяшаліся. Старэйшыя маладзейшым так падказвалі: "Не дакасі гэты пракос (ці не дажні гэты сноп), а збегай да крыніцы ды вадзіцы напіся. Адразу нібы нанова народзішся, адчуеш, што такое зямная сіла".
Людзі параіліся і вырашылі зрабіць вакол крынічкі зруб, бо да яе і жывёлы ўсялякія піць падыходзілі. Вяскоўцы, канешне, былі не супраць таго, каб яны пілі, але хацелі, каб пілі толькі тую ваду, якая пералівалася б праз край.
Зрабілі добрую справу, нават гарлачык павесілі, каб падарожным, ды і тубыльцам, зручней піць было. I ўсё добра было б, калі б не адзін выпадак. Ішлі дарогай, паўз крынічку, два падарожныя. Здалёк, мабыць, свой шлях трымалі, бо ледзьве ногі перасоўвалі. Адзін з іх быў крыху маладзейшы, але затое і злейшы. Хоць з людзей пабіраўся, але мала калі дабром адплачваў, хутчэй наадварот. Ушчуваў яго таварыш, ды мала словы дапамагалі.
- Глядзі, якая крынічка. Зруб стаіць, гляк вісіць, бяры, пі, ды дзякуй не забывайся сказаць, - задаволена вымавіў стары.
- Ага, так я ім і скажу! За ваду гаварыць дзякуй!
Што яны тут, студню глыбокую капалі, гарбаціліся? Сама вадзіца на паверхню выбілася, сама сабе і дарогу знайшла...
Селі адпачываць ля крыніцы. Напіліся вады і расцягнуліся на траўцы. Потым малодшы раптоўна падхапіўся.
- Ты куды? Што ўдумаў? - запытаўся старэйшы, але той не спяшаўся адказваць і нешта таропка шукаў у кішэнях.
- Што ты надумаў?
- Яны, мясцовыя жыхары, грошай, відаць, да гэтага часу не бачылі і не ведаюць, што гэта такое. У мяне недзе капейка была. Кіну яе ў ваду - яны і пачнуць ад грошай шалець. Скончыцца іх мірнае жыццё, будуць яны адзін на аднаго скоса глядзець, ваўкамі зырыць. Яны ў мяне спазнаюць, што такое ліха!
- Навошта ты такую бяду людзям ні ў чым не павінным чыніш?
- Каб яны ў нечым вінаватыя былі, дык я ім не так жыццё сапсаваў бы.
Знайшоў ён такі тую зласчасную капейку і ўкінуў у празрыстую вадзіцу. Потым і закамандаваў на старэйшага:
- Давай адыдземся ды падглядзім, як тубыльцы ля крыніцы будуць сябе паводзіць.
Таму нічога іншага не заставалася, як падпарадкавацца. Малодшы не толькі нораў больш суровы меў, але і сілы ў яго было паболей. Не пагоднішся - то і кухталёў надае, доўга ўпрошваць ды размаўляць не будзе.
Селі яны непадалёку, у густым кустоўі. У хуткім часе да крыніцы падышла маладзіца, нахілілася з гляком і, мабыць, заўважыла, што на дне нешта ляжыць і ярка свеціцца. Закарцела ёй даведацца, што гэта такое, таму перагнулася праз край і гопнулася ў ваду - толькі пырскі паляцелі.
Малодшы падарожны ажно па зямлі качаўся ад рогату. Старэйшы спачатку пазіраў, то на яго, то на маладзіцу, але хвілін праз колькі і ён корчыўся са смеху.
Маладзіца ледзьве выбралася з таго зласчаснага зруба і, адплёўваючыся ды на чым свет стаіць лаючы крыніцу, пайшла прэч.
- Чакай, яшчэ не тое пабачыш. Гэта толькі пачатак, зараз самае вясёлае пачнецца, - падзуджваў старога малодшы.
I сапраўды, можа, праз якія паўгадзіны побач з крыніцай спыніўся воз, і з яго саскочылі два ладныя дзецюкі. Пасміхваючыся, падышлі да вады і, глянуўшы ў крыніцу, ажно раты ад здзіўлення разявілі. Потым адзін з іх як крыкне:
- Маё! Маё! - і нахіліўся над вадою. Але нават рукі не паспеў працягнуць, бо яго са ўсяго маху агрэў па галаве другі. Той даў сябруку здачы, і пайшло ў іх, паехала: крычалі, енчылі, стагналі ад болю, лупцуючы адзін аднаго.
Малодшы падарожны ў кустоўі радаваўся:
- Дай яму! Дай! Мацней трэсні, мацней, каб мала не падалося!
Нарэшце знемаглі тыя дзецюкі і ляглі на траву побач з крыніцай. Толькі і маглі, што дацягнуцца рукамі да вады і да скрываўленых твараў паднесці.
- Што ж ты нарабіў, дурань?! - закрычаў старэйшы вандроўны.
- Сам бачыш! Так мы прайшлі б і знаку не пакінулі, а так яны мяне да скону жыцця памятаць будуць. Адна ледзьве не ўтапілася з-за сваёй цікаўнасці, а гэтыя ледзьве не пазабіваліся з-за ўласнай сквапнасці. Ды ці адзін тут яшчэ гуз наб'е ці нос рассадзіць? Пайшлі, няма чаго нам тут болей рабіць, - сказаў малады і шпарка пакрочыў далей.
- А местачкоўцы як пачалі ля той крыніцы валтузіцца, як сталі ў ёй ваду каламуціць, то праз колькі часу яе нельга было піць. Болей таго, дваіх чалавек да смерці забілі. Сталі тады сяляне меркаваць, як далей быць, што рабіць, каб вярнуць крынічцы былую славу. Доўга нічога слушнага ніхто не мог запрапанаваць, пакуль нехта не сказаў, можа, і не надта спадзеючыся на тое, што словы гэтыя пачуюць:
- Я так, браточкі, мяркую. Тут без бацюшкі нам не абысціся. Трэба па яго пасылаць і прасіць, каб тэрмінова дапамог ад бяды вызваліцца...
- А што? - ухапіліся астатнія за прапанову. - Слушна чалавек гаворыць. Трэба за бацюшкам паслаць. Эй, хто там больш жвавы, джгайце да вёскі! Ды няхай бацюшка начынне сваё возьме, бо яно, відаць, спатрэбіцца.
Бацюшку чакалі доўга. Нарэшце ён прыйшоў, і не адзін, а з дзякам. Распытаў, што да чаго, толькі не зразумеў нічога, пакуль капейку ў вадзе не заўважыў.
- О, - кажа, - гэтую бяду я адным пальцам развяду. Прымусіў дзяка залезці ў крыніцу і дастаць капейку.Калі той, ляскаючы зубамі ад холаду, вылез, то бацюшка капейку забраў сабе ў кішэню, потым асвяціў зруб, ваду і прамовіў павучальна:
- Каб болей з вамі ніякага ліха не здаралася, трэба, людзі добрыя, вам ля крыніцы капліцу святую пабудаваць. Тады Усявышні над усім наваколлем апекаваць будзе.
Так і зрабілі. Колькі стагоддзяў з таго часу прайшло - ніхто вам і не скажа. Капліца даўно згніла, засыпалася, а вось назва засталася. Так і вёска стала - Крыніца.
Гродзеншчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў (Склад., запіс., апрац. А.М.Ненадаўца). - Мн.: Беларусь, 1999.
|