Мінойты

   Па расказах старажылаў, калісьці ў гэтым месцы, дзе цяпер вёска, навокал распасціралася гібкая непраходная багна. Ні ў весну, ні ў восень, як кажуць, не прайсці, не праехаць. Да гэтага балота падступалі змрочныя, дрымучыя лясы. Непадалёку ад гэтага месца размяшчаліся невялічкія пасяленні. Людзі тут гандлявалі, займаліся рамяством, палявалі, лавілі рыбу. Балота аддзяляла некалькі вёсак ад мястэчка і тракту. Абрыдла кожны раз кладкі насцілаць, і каб лепш і хутчэй было дабірацца з аднаго месца ў другое, над самым багністым месцам быў пабудаваны невялічкі мост. А быў ён такі вузенькі, што пераехаць магла толькі адна павозка або брычка. Усім было добра, хоць і нязручна.

   Але вось аднойчы, увечары, пасярэдзіне гэтага маста сустрэліся дзве брычкі пановы, якія вярталіся з палявання. I трэба ж таму здарыцца, абое былі такія ўпартыя, што не захацелі ўступіць дарогу адзін адному.

   - Мінай ты, - крычыць адзін.

   - Мінай ты, - крычыць другі.

   Але толку з гэтага было мала. Насупіўшыcя, яны рушылі адзін адному насустрач. На гэтым спрэчка іх закончылася, таму што цягучая багна забрала іх да сябе. Людзі, якія чулі гэтую спрэчку, разнеслі яе па ўсім свеце.

   Прайшоў час, людзі забыліся пра тую бяду, асушылі балота і пачалі сяліцца ў зручным зацішку - на дне былога балота. Час-часам, а легенда зноў усплыла ў памяці людзей.

   Вось з таго выпадку быццам бы і знайшлося імя вёсцы - Мінойты.


Запісалі падчас экскурсіі ў Мінойтаўскай сярэдняй школе


 

Joomla CMS