Як нарадзіліся Нёман і Лоша

   Пра Нёман расказваюць так. Даўно гэта было. Каля дзярэўні Забалацце, што на нашай Уздзеншчыне, з-пад вярбы выбілася крынічка. Вада ў ёй была халодная, як лёд, а чыстая, як раса. Вада тая ўсё прыбывала, большала, аж пакуль не пабегла па двух ручаінах. Так вось нарадзіліся рэкі Нёман і Лоша.

   Нёман быў шчыры і крэпкі хлапец, а Лоша ціхая, лянівая і хітраватая дзеўка. Яшчэ больш падужэўшы, Нёман аднойчы сказаў Лошы:

   - Раздолля трэба мне, волі захацелася. Буду як мага прабівацца да мора.

   Нічога не сказала на гэта Лоша, толькі сама сабе надумалася навыперадкі бегчы з Нёманам і першай выскачыць к мору.

   Назаўтра, яшчэ не развіднела, яна ціхенька ўстала і бегла пабегла па нізінах ды па далінах да мора.

   Прачнуўся Нёман, угледзеў, што Лошы няма, ну й кінуўся наўздагон, не разбіраючы дарогі, напрасткі.

   3 таго часу ён так і ляціць, паспяшае да мора, магутны і шырокі, а Лоша плыве ціха, хаваючыся ды туляючыся па кустах і нізінах.


Легенды і паданні / [Склад. М.Я.Грынблат і А.І.Гурскі; рэд. Тома А.С.Фядосік]. – 2-е выд., дап. і дапрац. – Мн.: Бел. навука, 2005. С.385


 

Joomla CMS