Дварышчанская башня – сведка жорсткага забойства

bashnya   У XIX ст. у Дворышчах на высокім халме стаяў чатырохпавярховы палац. Парадны фасад палаца злева і справа завяршаўся дзвюма башнямі: адна – трохпавярховая, другая - чатырохпавярховая. Верагодна, падчас Першай сусветнай вайны драўляны палац быў спалены. На сённяшні дзень ад былой магутнасці маёнтка засталася толькі чатырохпавярховая башня, з якой звязана смутная легенда-быль.

   Апошнім уладальнікам гэтых мясцін быў Аўгуст Амберг. З прыходам Саветаў у 1939 годзе ён выехаў за мяжу. Гаварылі, што падчас нямецкай акупацыі, ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у Дворышча разам з мужам (панам Вазняком) і дзецьмі вярнулася дачка апошняга ўладальніка маёнтка. Напэўна, яна спадзявалася, што пры новым рэжыме ёй пашанцуе вярнуць былыя бацькоўскія ўладанні. Сям'я пасялілася ў башні.

   У той час у Дворышчах было торфапрадпрыемства, на якім ахоўнікамі працавалі немцы. Пан Вазняк, напэўна, быў назначаны ўпраўляючым. Немцы прымушалі працаваць на прадпрыемстве нават у нядзелю і па святах. І вось аднойчы людзі ўзбунтаваліся і не выйшлі на працу. Тады пан Вазняк і немцы сабралі каля дваццаці маладых хлопцаў і расстралялі іх. Хутчэй за ўсё, бацькі гэтых хлопцаў праз некаторы час адпомсцілі за смерць сваіх дзяцей. Уся сям'я пана Вазняка была расстраляна ў башні. Напэўна, гэтай расправе дапамагла прыслуга, якая ночай адчыніла дзверы башні.


Запісалі ў Марцінкевіч Людмілы Уладзіславаўны (1959 г.н.), загадчыцы Дварышчанскай бібліятэкі


 

Joomla CMS