Фамільная ўсыпальніца Маўрасаў у Тарнова

Tarnova   На адкрытай хвалістай раўніне, сярод палёў, квяцістых лугоў ды сенакосаў, прытуліўшыся да правага берага ракі Дзітва, раскінулася вёска Тарнова. У XVII-XVIII стст. паселішча называлася Тарноўшчына, ад імя графа Пятра Тарноўскага.

   За мінуўшыя стагоддзі паселішча змяніла шмат уладальнікаў. Аднак самы значны след у гісторыі гэтых мясцін заставіў палкоўнік рускай арміі Зміцер Маўрас, які купіў гэтыя землі 25 мая 1866 года.

   Пасля выхада на пенсію ў годнасці генерал-лэйтэнанта і атрымаўшы тытул графа, у канцы 70-х гадоў Зміцер Маўрас распачынае ў Тарнова шырокія будаўнічыя работы.

   Да сярэдзіны 80-х гг. новы гаспадар пабудаваў двухпавярховы палац, ветравы млын, стайню, лядоўню, якія захаваліся да нашых дзён і з'яўляюцца архітэктурнымі помнікамі XIX ст. Тарноўскія землі сталі родавым маёнткам сям'і Маўрасаў.

   У красавіку 1890 г. калі памерла жонка графа, Зміцер Маўрас вырашыў увекавечыць памяць аб ёй - пабудаваць храм. 8 кастрычніка 1892 г. святар Радзівонішкаўскай царквы А.С. Дружылоўскі ў маёнтку асвяціў капліцу ў імя Святога Зміцера Салунскага. Капліца ўяўляла сабой мураваны будынак у гатычным стылі. Аконныя шыбы былі ўпрыгожаны святымі выявамі i крыжамі з рознакаляровага шкла. Унутраннае аздабленне капліцы вызначалася багатай маёмасцю, каштоўным посудам i строгім царкоўным жывапісам. Была зроблена званніца ў прыгожай трохяруснай калоне, увенчанай конусападобным купалам з крыжам наверсе. Пад капліцай была зроблена фамільная ўсыпальніца, дзе знаходзіліся мошчы жонкі храмастваральніка. Хадзілі чуткі, што Кацярына Маўрас ляжала забальзамаваная ў спіртавым растворы. У гэтай жа ўсыпальніцы праз 4 гады быў пахаваны і сам граф Зміцер Маўрас.


Сліўкін, В. Тарнова. // Лідскі летапісец. – 2005. - №1-2.


 

Joomla CMS