Фігурка Іісуса Хрыста на старых могілках у Дворышчах

Hrystos   На старых могілках у Дворышчах, на месцы колішняй капліцы Маці Божай Ружанцовай сёння стаіць фігурка Іісуса Хрыста. Адкуль яна тут з'явілася і дзе была раней дакладна невядома. А чаму з'явілася, ведае кожны. Справа ў тым, што нейкія напасці праследвалі жыхароў саўгаса "Ніва", то дождж, то град, то неўраджай. Параіліся людзі з дырэктарам саўгаса і вырашылі, што павінен у іх быць нейкі абярэг. Таму і вырашылі прывезці сюды фігурку Іісуса Хрыста. Гавораць, што з ёй падчас вайны адбылася дзіўная гісторыя. У тыя часы стаяла гэта фігурка каля дарогі. Аднаго дня праходзіў там абоз з нашымі салдатамі. І вось двое маладых вайскоўцаў вырашылі пастраляць па статуе. Праз некалькі хвілін прыляцеў нямецкі самалёт, які градам куль накрыў увесь абоз. Але ўсе салдаты засталіся ў жывых, акрамя тых дзвух, якія стралялі па фігурцы. Гавораць, што нават і сёння можна ўбачыць на статуі сляды ад куль.

   Некаторы час фігурка Іісуса Хрыста стаяла на старых могілках нічым не пакрытая зверху і толькі пасля таго, як над ёй надбудавалі невялікі дах, справы ў саўгасе пачалі ісці ўгару.


Запісалі ад Марцінкевіч Людмілы Уладзіславаўны (1959 г.н.), загадчыцы Дварышчанскай бібліятэкі

 

 

Joomla CMS