Цудоўны скарб у Зблянах |
У вёсцы Збляны жыла жанчына, якая верыла снам і ўмела іх тлумачыць. Аднойчы яна прысніла, што пад высокай елкай, якая расце пры дарозе, знаходзіцца скарб. Прачнуўшыся, жанчына папрасіла, каб мужыкі раскапалі зямлю пад той самай елкай, якую яна прысніла. Мужчыны згадзіліся. Якім жа было здзіўленне, калі ў хуткім часе яны ўбачылі нешта шэрае і вялікае! Гэтым скарбам аказаўся вялізны камень. Аднак быў ён не зусім звычайны. Валун быў плоскі, ды такі гладкі, быццам адпаліраваны, а ў вугалочку – выява стылізаванага праваслаўнага крыжа, памерам прыкладна каля 25 – 30 см. Здзівіліся людзі, але так і заставілі гэты камень ляжаць пад дрэвам. Летам, калі сонейка награвала яго, на камень любілі прысесьці і пагуляць мясцовыя хлопчыкі і дзяўчынкі. Дарослыя ж прывыклі да гэтай знаходкі і амаль не заўважалі. Кажуць, што ў 50-я гады XX стагоддзя камень забрала ў музей адна з навуковых экспедыцый, і дзе цудоўная знаходка сёння - дакладна невядома. Запісалі ад Куляша Анатоля Фёдаравіча (1927 г.н.), лідскага краязнаўцы
|