Сатана гаворыць у дзяўчыне |
Гэтая падзея адбылася ў 1935 годзе ў вёсцы Яманты з Карабач Аляксандрай. Аднойчы раніцай дзяўчына зачэрпала ў студні ваду і несла цераз вуліцу дамоў. Да яе падышоў Вінцук Карабач, шлёпнуў яе па плячу і сказаў: "Во ранняя дзяўчына, ужо і ваду нясе!". Напэўна ад нечаканасці Аляксандра спалохалася і пасля гэтых падзей расхварэлася. Яе храроба была не зусім звычайная: пасяліўся ў дзяўчыне сатана. Бывала скрывіць Аляксандра ніжнюю чэлюсць і загаворыць мужчынскім голасам. Колькі па дактарах ні вазілі, ніхто дапамагчы не мог. Раз сатана гаварыць умее, вырашылі аднавяскоўцы прывесці бацюшку. Можа ён памоліцца і паможа выгнаць сатану. Бацюшка маліўся, маліўся, але цуда не адбылося. Прывялі тады да дзяўчыны ксендза, але і яго малітвы не дапамаглі. Аднойчы скрывіла Аляксандра ніжнюю чэлюсць і загаварыў сатана мужчынскім голасам: "Надаелі вы мне сваімі бацюшкамі і ксендзамі. Толькі Нарбут мяне можа выгнаць. А той, хто паедзе да Нарбута, хай без загаворанага хлеба ад яго не выходзіць, нават тады калі гаспадар праганяць будзе." Вырашылі аднавяскоўцы прыслухацца да слоў сатаны, тым больш што ўсе ў ваколіцах добра ведалі Нарбута з Радзівонішкаў, як моцнага белага і чорнага мага. Д'яблы папярэдзілі Нарбута, што прыйдзе да яго чалавек прасіць загавораны хлеб, каб дапамагчы дзяўчыне, і той не адразу згадзіўся аддаць святы хлеб. Але чалавек, які да яго паехаў, не выйшаў з хаты мага, покуль не атрымаў таго, за чым прыехаў. Як толькі з'ела Аляксандра той хлеб, адразу сатана з яе і выйшаў. Потым выйшла дзяўчына замуж, а пазней яшчэ і сына нарадзіла. Запісалі ад Карэйвы Вацлава Сцяпанавіча (1934 г.н.) з в.Мохавічы
|