“Кумаўіная яма”

   Недалёка ад Ваверкі, прыкладна ў сямі кіламетрах, знаходзіцца вёска Рулевічы. Свайго касцёлу там ніколі не было, таму жыхары вымушаны былі наведваць Ваверскі касцёл. Менавіта там хрысцілі дзяцей, бралі шлюб.

   Самай кароткай дарогай паміж гэтымі вёскамі была дарога праз лес-маладнічок. Побач з ёй, у лесе, ёсць глыбокая яма, якую людзі празвалі кумаўінай. Менавіта пра яе і расказваюць людзі гэтую гісторыю.

   Аднойчы па лясной дарозе ў запрэжаным возе накіраваліся ў Ваверскі касцёл юнак і дзяўчына, каб ахрысціць маленькае дзіця.

   Калі вярталіся назад, дзіця заснула. Ласкава прыпякала сонейка, шчабяталі птушкі, і лес вабіў сваёй прыгажосцю. Не ўтрымаліся маладыя кумы ад спакусы і звярнулі з дарогі ў лес, каб аддацца граху. У гэты ж час дрэвы раступіліся, а зямля разам з возам, канём і людзьмі правалілася. Засталася толькі яма.

   Хто ведае гэту гісторыю, той і зараз абыходзіць гэта месца, баючыся пакарання за грахі. Кажуць, што ў яме і паблізу ад яе нават грыбы не растуць.


Запісалі ад Вадэйкі Марыі Пятроўны (1936 г.н.) з в.Рулевічы

 

 

Joomla CMS