Гасцілаўцы

   На правым, балоцістым тады беразе ракі Лебяда, што цячэ праз Лідскі раён, вырашыў пабудаваць сваю хату чалавек. Мясцовыя жыхары назвалі яго Госць, ці Гасціла. Знайшоў ён сабе жонку, і сталі яны паціху жыць. У іх нарадзілася трое сыноў, якія ва ўсім дапамагалі бацькам. Выраслі сыны, ажанiлiся ды пачалi будавацца ля бацькоўскай хаты, тым больш, што леса навокал было шмат.
   У ладзе жыў стары Гасціла са сваімі сынамі ды з людзьмі навокал. У яго нараджаліся ўнукі. Да гэтай прыгожай мясціны цягнуліся людзі і сяліліся побач. Так утварылася весачка, якую сталі называць Гасцілаўцы. Адбылося гэта дзесьці на мяжы XV-XVI стагоддзяў.
   Але чалавек не вечны. Аднойчы ранняю вясною прыйшоў час і самаго Гасцілы. Пахавалі сыны яго на сухім узгорку сярод леса, на месцы, якое выбраў некалі сам Гасціла.
   Назаўтра, толькі пачало шарэць, пачуўся крык: «Гасціла!» Усе высыпалі з хацін. Каля адной з хат ляжаў мёртвы Гасціла. Асцярожна наблізіліся да яго і ўбачылі на падтаяўшым снезе сляды вялізнага мядзведзя. Калі зусім развіднела, пайшлі па слядах і дайшлі да магілы Гасцілы. Вяскоўцы зразумелі, што гэта мядзведзь разгроб магілу і прынес старога Гасцілу ў вёску. Чаму ён так зрабіў – невядома.
   Гасцілу вырашылі пахаваць на ўзгорку з жоўтага пяску, які знаходзіўся пасярод вёскі. Але з таго часу лясок, дзе спачатку пахавалі Гасцілу, стаў называцца Старыя могілкі. І цяпер, як хто ідзе па грыбы і ягады, то кажа: «Пайду на Старыя могілкі».
   А вёска Гасцілаўцы жыла сваім жыццём: старыя паміралі, але нараджалася шмат дзяцей. На мяжы XIX-XX стагоддзяў гэта была адна з самых вялiкiх вёсак у акрузе. Прозвішча Гасцілы сярод жыхароў не сустрэнеш, але жыве другое – Фіясь. Старыя людзі ўспаміналі аднаго з тых, хто меў гэта прозвішча. Вяскоўцы клікалі яго Пятрук, а яго дзяцей і ўнукаў – Пятруковы. Ён лічыўся адным з разумнейшых і мацнейшых мужчын у акрузе. У Пятрука вырасла чацвёра сыноў і дачка. І сёння жывуць нашчадкі Фіяся Пятра не толькі ў родных Гасцілаўцах, але і па ўсёй Беларусі.


(Запісала Наталля Банцэвіч са слоў жыхаркі в.Гасцілаўцы Нядзведцкай Марыі Мікалаеўны)


 

Joomla CMS